ВЕ́ДЗЬМІНЫ КРУГІ́,

ведзьміны кольцы, характэрныя для некаторых шапкавых грыбоў размяшчэнні пладовых цел па перыферыі круга, абумоўленыя раўнамерным ростам грыбніцы (міцэлію) ад цэнтра да перыферыі. Могуць дасягаць у дыяметры некалькіх дзесяткаў метраў. У сярэдзіне круга пладовыя целы не развіваюцца. Часцей назіраюцца ў апенек лугавых, шампіньёнаў, маслякоў. Трапляюцца на лугах, радзей у лясах. У старажытнасці з’яўленне ведзьміных кругоў прыпісвалі нячыстай сіле, чарам ведзьмаў (адсюль назва).

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)